Што адбывалася ў Лідзе 100 гадоў назад? Паноптыкум, баня «Гігіена», курсы для аўтамабілістаў: што было на вуліцы Крывой
- Автор Елена
- размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта
- Опубликовано в Общество
- Прочитано 526 раз
- Печать
- Эл. почта

З ранейшых пабудоў (якія з’явіліся яшчэ да 1941 года) тут засталіся гаспадарчая пабудова музычнага каледжа (калісьці тут стяў касцёл кармелітаў), былы Народны дом і магістрат горада (тады Крывая, 6, сёння – Замкавая, 2), таксама дамы № 3, 5, 8 па сучаснай Замкавай.
Частка вуліцы Крывой, ад замка да вул. Каменскай, з’явілася ў першай палове XIX ст. і першапачаткова мела назву Нова-Кармеліцкай вуліцы. Да яе з’яўлення сад і агарод кармеліцкага кляштара спускаўся ўніз (на захад) да рэчкі Каменкі. У 1920-х гг. у вуліцу Крывую пераназвалі ў вуліцу імя маёра Мацкевіча.
На пачатку вуліцы Мацкевіча ў доме № 1 у 1930-я гг. размяшчаўся паліцэйскі пастарунак. У 1920-х на другім баку вуліцы, насупраць магістрата, па адрасе Крывая, 8 мясціўся Звяз яўрэйскіх купцоў, потым тут працаваў млын «Таханова», а Звяз яўрэйскіх купцоў пераехаў у суседні дом № 12.
У лютым 1937 г. у «Доме горада Ліда» па вуліцы Мацкевіча, 11 пачалі працаваць курсы кіроўцаў матацыкла, потым для кіроўцаў аўтамабіляў.
У двары былой крамы “Ластаўка” на месцы сучаснай аўтамабільнай стаянкі дзесьці з канца XIX ст. працавала гарадская лазня Арона Будзіна “Гігіена”. У 1939 годзе прэса псіала пра яе: «вельмі непрыгожая, невядома колькі гадоў не рамантаваныя сцены, пакрытыя шматгадовым пластом мокрага бруду, шмат пары, якой людзі дыхаюць, і, як для жарту, лазня мае назву “Гігіена”».
Гэта старая лазня працавала да канца 1950-х гг., пра яе ўспамінала лідчанка Ларыса Канчэўская: “Раз у тыдзень наша мама брала мяне і маленькую сястрычку, эмаляваны тазік, дзве сумкі з бялізнай, ручнікамі, адзеннем, і мы ішлі ў лазню,дзе была бясконцая чарга. Памятаю, як у пачакальні залівала падлогу бруднай вадой па костачкі з мыйных аддзяленняў. Мы чакалі па дзве-тры гадзіны, калі вызваляцца шафкі, куды вешалі вопратку. Гэта быў жудасны дзень для нас, дзяцей... Але так жылі амаль усе».
У канцы 1950-х на месцы былога перакрыжавання вуліц Каменскай і Крывой з’явілася новая гарадская лазня – яна і цяпер тут стаіць.
На вуліцы Крывой недалека перакрыжавання з вуліцай Каменскай таксама мясцілася ў розных будынках яўрэйская гімназія Дварэцкага, гатэль «Дагмара» Гецеля Бердаўскага, клуба «Польскі рэсурс», лідскі аддзел газеты «Кур’ер Віленскі» і рэдакцыя «Лідскай зямлі». У канцы гэтай вуліцы ў сярэдзіне 1920-х гг. мясціўся карэспандэнцкі пункт віленскай газеты «Слова».
Недзе недалёка ад Рынку знаходзілася ўстанова, якая мела назву «Паноптыкум» (нешта паміж кунсткамерай і музеем васкавых фігур). Фрагмент артыкула карэспандэнта, надрукаванага ў 1932 г. у віленскай газеце «Слова»: «На вуліцы Мацкевіча ёсць Гістарычны паноптыкум. Ведаеце гэтыя гукі катрынак, якія бываюць у паноптыкумах і луна-парках? Яны неабходны – утрымаць чалавека, паралізаваць волю, уцягнуць унутр. У лідскім паноптыкуме ляжыць паміраючы марак. Памятаю яго з часоў дзяцінства. Ляжыць, як і тады, з ранай у грудзях, з марацкай бародкай, але без вусоў. Ні хрыпаў, ні цяжкага дыхання, і з цёмнай раны не струменіцца кроў. Але ўласнік паноптыкума нешта памайстраваў у скрынцы з мараком: старая рана закіпела. Памятаю я тут і капітана Дрэйфуса у чырвоных портках, і дзіцё з двума галовамі, і слаўны французскі пісьменнік Эміль Заля, і знакаміты прэзідэнт Злучаных Штатаў Абрам Лінкольн, эрц-герцаг Рудольф на ложку смерці. Калі выходзіў, затрымала мяне тоўстая вусатая касірка: «Кавалер хоча ўбачыць нешта цікавае?» І адразу стала горача, першы раз у жыцці – пазнаў стэрэаскоп…».
Па кнізе Л.Лаўрэша «Шпацыры па старой Лідзе»
Последнее от Елена
- .
- Отдел по гражданству и миграции Лидского РОВД разъясняет ответственность за нарушение миграционного законодательства
- Учитывается ли старший ребенок в семье матери при назначении ей государственных пособий?
- Более 100 водителей «забыли» про ближний свет днем, 40 – не пропустили пешеходов
- Коротко о Кубке шести наций