На месцы сучаснага лідскага возера і вуліцы Фрунзэ былі могілкі

На месцы сучаснага лідскага возера і вуліцы Фрунзэ былі могілкі
Гэта былі яўрэйскія могілкі і мясціліся яны там да 1960-х гадоў. Зараз тут стаяць жылыя дамы, улетку плаваюць людзі.

Яўрэі пасяліліся ў Лідзе ў XVІ ст. Кароль Стэфан Баторы ў 1579 г. выдаў лідскім яўрэям прывілей на права пабудовы новай сінагогі і рамонт старой, аднак з умовай, каб новая сінагога не была вышэйшая за касцёл і цэрквы. Упершыню лідскі кагал узгадваецца ў 1623 г., у гэты год ён быў падпарадкаваны гарадзенскаму. Да таго ж часу належыць і перапіска паміж лідскім кагалам і суседнімі яўрэйскімі супольнасцямі. Як толькі ў горадзе з’явілася яўрэйскае насельніцтва, дык акрамя сінагогі, зразумела, з’явіліся і яўрэйскія могілкі. Прэса ў сакавіку 2009 г. пісала пра цікавыя знаходкі на былых лідскіх яўрэйскіх могілках, якія дазваляюць датаваць гэты аб’ект канцом XVI ст.: «Падчас пракладкі кабелю сувязі ў горадзе Ліда рабочыя знайшлі габрэйскую магілу з помнікам 1872 г. Яўрэйскія могілкі знаходзяцца ў цэнтры Ліды, але былі разбураны савецкай уладай, каб зрабіць жылыя дамы. Сёння надмагіллі і парэшткі часта знаходзяцца падчас будаўніцтва. Некалькі гадоў таму былі выяўлены два надмагіллі, датаваныя 1605 г., яны былі дададзены да існага мемарыяла Халакосту. Рабін Іцхак Кофман з Гародні разам з чальцамі яўрэйскай грамады перапахавалі парэшткі, знойдзеныя нядаўна...». На плане горада 1842 г. гэтыя могілкі займаюць каля двух гектараў, і бачна, што плануецца іх пашырэнне. На яўрэйскіх могілках меліся надмагіллі рознай вышыні, сустракаліся там таксама і наземныя вялікія цагляныя пахавальні з трохвугольным дахам і плітамі з эпітафіяй, якія прымацоўваліся да сцяны. Трэба адзначыць традыцыйны яўрэйскі прынцып “магілы непарушныя”. Гэта значыць, што парэшткі памерлых павінны назаўсёды застацца ў тым месцы, дзе былі пахаваны. Хрысціянскае разуменне дазваляе парушаць існыя пахаванні пасля пэўнага часу, хрысціянскія могілкі, якія не выкарыстоўваецца на працягу доўгага часу, могуць быць ліквідаваны. Згодна з прынцыпам іўдаізму, кожнае надмагілле і ўсе могілкі недатыкальныя да таго часу, пакуль вядома, што ў пэўным месцы знаходзяцца пахаванні. Выключэннем можа быць выпадак, калі эксгумацыя робіцца для пераносу парэшткаў на Святую Зямлю альбо ў сямейную магілу, для пераносу парэшткаў з неяўрэйскіх могілак ці калі могілкам пагражае прафанацыя альбо падмыў вадой. Могілкі пачалі разбурацца з 1941 г. Былы жыхар Ліды І. Рубіновіч успамінаў: «Адразу пасля акупацыі горада Ліды немцамі пачалася ліквідацыя яўрэйскіх могілак. Сяляне пачалі пасвіць тут сваіх кароў, а потым пачалося разбурэнне надмагілляў, іх пачалі вывозіць для гаспадарчых мэт. Так працягвалася і пасля вайны... У сярэдзіне 1950-х гадоў гарадскі савет забараніў некалькім яўрэйскім сем’ям, якія жылі ў Лідзе, хаваць сваіх нябожчыкаў на гэтых старых могілках. У якасці альтэрнатывы яны маглі хаваць сваіх нябожчыкаў у горадзе Іўе. У 1960- х гадах у Лідзе пачалася хуткая ліквідацыя яўрэйскіх могілак. Па-першае, была разбурана частка, бліжэйшая да берага Лідзейкі: тут, на беразе штучнага возера, былі пабудаваны розныя канструкцыі і памяшканні для лодак, катэраў і персаналу... Пасля гэтага была таксама разбурана частка магіл, якія межавалі з былой вуліцай Пастаўскай, тут зламалі магільныя пліты, якія ўсё яшчэ заставаліся. Усё гэта было зроблена, нягледзячы на пратэсты яўрэяў, якія да гэтага часу жылі ў горадзе. Многія чалавечыя косці былі раскіданы па паверхні зямлі. Яўрэі сабралі іх у мяшок і закапалі на частцы могілак, якая яшчэ захоўвалася ў той час. Пры канцы студзеня 1966 года толькі ў цэнтры могілак засталіся некалькі надмагілляў – яны былі знішчаны пазней. Такім чынам, апошнія сляды, якія сведчылі пра існаванне вялікай і квітнеючай яўрэйскай супольнасці ў горадзе Ліда, былі разбураны і знішчаны». Лідчанка Ларыса Канчэўская ўспамінала: «Возера ў канцы вуліцы Міцкевіча “стварылі” ў 1962 годзе. Паставілі плаціну і загаварылі пра “Лідскае мора”. Падзея была не шараговая! Горад быў поўны азёраў, а купацца ўсур’ёз няма дзе. І вось адбылося! З першымі цёплымі днямі народ накіраваўся на пляж, які быў завалены... магільнымі плітамі габрэйскіх могілак, што знаходзіліся здаўна на беразе Лідзейкі і ёю ж затопленыя... Вельмі проста загаралі на замшэлых плітах з экзатычнымі старажытнымі пісьмёнамі. І гэта цягнулася даволі доўга: гадоў пяць, калі не даўжэй. Атэізм і вайна надоўга зрабілі людзей неадчувальнымі да сакральных рэчаў быцця, і таму яны не задумваліся аб рознага роду блюзнерствах».

Па кнізе Л.Лаўрэша “Шпацыры па старой Лідзе”

Наверх

Logo PV

 © 2009-2022 Принеманские вести. Все права защищены. 
Полное или частичное использование материалов газеты и сайта допускается только с разрешения редакции.

Яндекс.Метрика

Принеманские вести. 2019

Войти на сайт через социальные сети.