Дарагія католікі Лідчыны! Хрыстос Уваскрос!
- Автор Принеманские Вести
- размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта
- Опубликовано в Общество
- Прочитано 108 раз
- Печать
- Эл. почта

У слаўным Уваскрасенні Хрыста, якое стала найважнейшай падзеяй у гісторыі збаўлення чалавечага роду, заключаецца самы сэнс і глыбінная сутнасць нашай веры, стрыжань і моцная сіла хрысціянскага паслання свету. Уся наша пропаведзь у гэтыя дні змяшчаецца ўсяго ў два словы: «Хрыстос уваскрос!».
Уваскрасенне Пана стала тым прарывам у вечнасць, дзякуючы якому была пераадолена чалавечая абмежаванасць і натолена прагненне яднання з Богам. Пасха — гэта трыумф бязмежнай любові Тварца да людзей, «бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).
Перажываючы вялікую пасхальную радасць і ўглядаючыся з заміраннем сэрца ў Хрыста Жыццядаўца, Які паўстаў з Гробу, падзелімся ж гэтай збаўчай навіной з усімі людзьмі добрай волі, каб кожны ўбачыў невымоўнае ззянне Божай любові і разам з намі благаславіў і праслаўляў велічнае імя Айца і Сына і Святога Духа.
Збаўчае святло Хрыстовага Ўваскрасення, што перавышае ўсякае разуменне, няхай азарае нязменна наш жыццёвы шлях, прасвятляючы і суцяшаючы нас, робячы саўдзельнікамі і спадкаемцамі Нябеснага Валадарства.
Узрадуйцеся, браты і сёстры, бо сапраўды ўваскрос Хрыстос Бог! Аллелюя!!!
Кс. Канонік Уладзімір Гуляй, Біскупскі Вікарый Лідзкага рэгіёну Гродзенскай дыяцэзіі, Пробашч парафіі Узвіжання Святога Крыжа ў Лідзе