Даўно ўжо не было ў нас такой зімы, снежнай, марознай. Як завея, то сыпле ад душы. Як мароз, то мінус 20-30 градусаў. Іншы раз не хочацца выходзіць на вуліцу. І толькі дзеці радуюцца гэтай зіме па-сапраўднаму.
Але хачу сказаць вось што: апошнім часам клімат змяніўся. З-за таго, што такіх суровых зім даўно не было, птушкі сталі ўсё часцей заставацца зімаваць на вадаёмах Беларусі. Выводзяць дзетак, радуюць сваёй прыгажосцю…


І нераўнадушныя людзі падкормліваюць іх, чым могуць: хто зернем, хто крупамі, хто белым хлебам (чорны нельга, ён шкодзіць – закісае ў жалудку, і птушкі гінуць). Купляюць корм – дапамагаюць птушкам выжыць. Нават працаўнікі райвыканкама не засталіся ў баку і прызентавалі зерне для падкормкі. Я штодня хажу на Лідзейку і на замкавае возера: ад замка да вуліцы Таўлая – на працягу гэтага шляха раздаю птушкам прысмакі. Кожны дзень тут можна бачыць больш за дзвесце качак, а таксама сем лебедзяў. Часта прылятаюць яшчэ шэсць, але на ноч кудысьці злятаюць.
Кожны дзень на вадаемы Ліды прыходзяць мясцовыя жыхары. Многія з маленькімі дзеткамі, якія таксама з задавальненнем кормяць птушак. Шчасце, што яшчэ не ўсе ачарсцвелі душой…


Людміла Краснадубская, жыхарка г. Ліды
