Двайное свята. Ветэран  Вялікай  Айчыннай  вайны Міхаіл  Смаляк  адзначыў  95-годдзе

Двайное свята. Ветэран  Вялікай  Айчыннай  вайны Міхаіл  Смаляк  адзначыў  95-годдзе
Нягледзячы на сталы ўзрост і праблемы са здароўем, Міхаіл Смаляк, жыхар в. Сялец Ганчарскага сельсавета, не траціць бадзёрасці духу і з задавальненнем прымае гасцей. Міхаіл Міхайлавіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Сёння ён расказвае аб тых страшных падзеях: як трапіў на фронт, а таксама пра тое, што ад смерці яго ўратаваў абярэг. 

Калі пачалася вайна, яму было ўсяго 17 гадоў. Але юнак вырашыў падацца ў партызанскі атрад Бельскага, які існаваў на тэрыторыі раёна. Быў там сувязным: збіраў звесткі, дастаўляў партызанам боепрыпасы. У 20 гадоў трапіў на фронт, скончыў школу сяржантаў у Полацку. У складзе 3-й танкавай арміі з Другім украінскім фронтам дайшоў да Прагі. Быў разведчыкам, дэсантнікам – ваенная біяграфія ў Міхаіла Міхайлавіча багатая.

Ён успамінае, што калі ішоў на фронт, старэнькая бабулька-суседка завязала яму на руку нітку з кроснаў і сказала, што гэты абярэг дапаможа яму застацца жывым. Так і атрымалася – хлопец нават ні разу не быў паранены. Але, праўда, былі два выпадкі, калі ён быў на валасок ад смерці.

У час фарсіравання Эльбы салдаты грузіліся на пантонны мост, які ўжо і так быў перапоўнены тэхнікай і людзьмі. Міхаіл прыстроіўся з самага краю, але незнаёмы капітан адштурхнуў салдата і заняў яго месца. Хлопец яшчэ не перастаў націраць пабітае калена, як наляцеў нямецкі самалет і прамым пападаннем бомбы патапіў пантон з людзьмі і тэхнікай.

Другі раз смерць зазірнула ў твар салдату ў час баёў за Прагу, калі разведчыкі павінны былі знішчыць кулямётнае гняздо на ўзвышшы. Міхаіл пад покрывам ночы падкраўся і напаў на вартавога, але той быў нашмат дужэйшы і схапіў разведчыка за горла. Малады салдат страціў прытомнасць, але яго напарніца ў гэты час ударыла ў спіну фашыста, і той аслабіў хватку. Міхаілу ізноў пашанцавала.

Закончыў наш герой вайну ў Германіі. Пасля служыў на Каўказе і толькі ў 1946 годзе вярнуўся дадому. Скончыў Навагрудскі тэхнікум сельскай гаспадаркі, працаваў загадчыкам участка калгаса, потым – у лясгасе.

За сваю службу, гераізм і працавітасць Міхаіл Смаляк узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІІ ступені, ордэнам Славы, медалямі «За баявыя заслугі», «За взятие Берлина», «За трудовое отличие» і юбілейнымі медалямі. Але ўсё гэта – не самая важная ўзнагарода для ветэрана. Галоўнае – што пра яго памятаюць прадстаўнікі і мясцовай улады, і тых арганізацый, у якіх у свой час працаваў мужчына.

Вось і напярэдадні 95-гадовага юбілея, які Міхаіл Міхайлавіч адзначыў 24 чэрвеня, да яго ў госці з кветкамі, падарункамі і віншаваннямі завіталі Валерый Калодка, старшыня Ганчарскага сельсавета, а таксама прадстаўнікі Ганчарскай школы і Ганчарскага Дома культуры. Яны пажадалі ветэрану моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Зусім хутка, 3 ліпеня, да нашага героя зноў наведаюцца госці, каб павіншаваць з яшчэ адным святам, якое ў яго жыцці мае не меншае значэнне, чым дзень нараджэння, – з Днём Незалежнасці.

123

Дзякуй вам, Міхаіл Міхайлавіч, за перамогу і мірнае неба!

Ганна Дымовіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ганчарскага дзіцячага сада – сярэдняй школы

Наверх

Принеманские вести

 © 2009-2019 Принеманские вести. Все права защищены. 
Полное или частичное использование материалов газеты и сайта допускается только с разрешения редакции.

Яндекс.Метрика

Принеманские вести. 2019

Войти на сайт через социальные сети.